Лебядзіны мох

Спампаваць у фармаце PDF

Код:

Геаграфічныя каардынаты:

Адміністрацыйная прыналежнасць:

Плошча:

Крытэрыі:

Нацыянальны прыродаахоўны статус:

Міжнародны прыродаахоўны статус:

Карта ТВП:

Агульнае апісанне:

Угоддзе ўяўляе сабой адзіны леса-балотны масіў на плоскай водападзельнай раўніне. Рэльеф на поўначы і на паўночным захадзе ўскладнён шматлікімі мацерыковымі дзюнамі.

Па структуры расліннага покрыва тэрыторыя з’яўляецца пераважна лясной. Тут растуць сасновыя, яловыя, асінавыя, альховыя і бярозавыя лясы. Прыродаахоўную каштоўнасць тэрыторыі прыдаюць вялікія масівы верхавых балот з градава-мачажыннымі комплексамі і маляўнічымі азёрамі, а таксама парослыя хвоямі дзюны. Забалочаныя нізіны пакрыты яловымі і дробналісцёвымі лясамі. Поймы рэк параслі лазнякамі і алешнікамі. У складзе флоры ўгоддзя адзначана 8 відаў раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Акрамя гэтага тут сустракаюцца вярба лапландская Salix lapponum, бяроза нізкая Betula humilis, плывунец прамежкавы Utricularia intermedia, занесеныя ў Спіс прафілактычнай аховы Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь.

Сярод балот пераважаюць верхавыя і пераходныя. У поймах рэк і па перыферыі верхавых балот знаходзяцца ўчасткі балот нізіннага тыпу. Сярэдняя глыбіня тарфяной залежы складае 0,5-2 м.

Гідралагічная сетка добра развіта і прадстаўлена вялікай колькасцю малых рэк і азёр. Найбольш буйныя рэкі – Дрыса і яе прытокі Вядзеціца і Марынец. Поймы гэтых рэк моцна забалочаны, шырыня рэчышчаў складае 2-4 м, глыбіня 0,5-1,5 м, берагі нізкія, гразкія. На тэрыторыі ўгоддзя знаходзіцца больш за 20 азёр, самае буйное з якіх – возера Вядзета.

Паколькі тэрыторыя доўгі час выкарыстоўвалася ў якасці ваеннага палігона, жыхароў населеных пунктаў, якія былі тут раней, адсялілі, а самі населеныя пункты знеслі. Гэта абумовіла практычна поўную адсутнасць у межах палігона сельскагаспадарчых зямель. Асноўнае сучаснае выкарыстанне тэрыторыі – вядзенне лясной гаспадаркі. Леса-балотныя ўгоддзі выкарыстоўваюцца таксама і для палявання. На шматлікіх дробных азёрах вядзецца аматарская лоўля рыбы, а на азёрах Вядзета і Глыбочына – прамысловае рыбалоўства. У лясах мясцовае насельніцтва збірае грыбы і ягады, лекавыя расліны.

Асноўныя біятопы:

Лясы (пераважна хваёвыя) – 55%, балоты верхавыя – 37%, азёры – 7%, іншыя землі – 1%.

Птушкі:

Высокая мазаічнасць ландшафтаў і цяжкадаступнасць угоддзя вызначаюць яго багатую фауністычную разнастайнасць. Лебядзіны Мох з’яўляецца важным месцам гнездавання для цэлага шэрагу рэдкіх і ахоўваемых птушак.

З птушак, занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь на гнездаванні адзначаны чорнаваллёвы гагач Gavia arctica, вялікі бугай Botaurus stellaris, чорны бусел Ciconia nigra, скапа Pandion haliaetus, малы арлец Aquila pomarina, арол-маркут Aquila chrysaetos, пардва Lagopus lagopus, шэры журавель Grus grus, дубальт Gallinsgo media, залацістая сеўка Pluvialis apricaria, сярэдні Numenius phaeopus і вялікі Numenius arquata кулёны, вялікі грыцук Limosa limosa, пугач Bubo bubo, балотная сава Asio flammeus, вераб’іны сычык Glaucidium passerinum, жоўтагаловы дзяцел Picoides tridactylus. Балота Лебядзіны Мох мае вялікае значэнне як аднаўленчы цэнтр глушца Tetrao urogallus: тут яшчэ не рэдкасць такі, на якіх збіраюцца па 20 і больш птушак.

Іншыя групы жывел:

Найбольш звычайныя прадстаўнікі капытных – лось Alces alces, дзік Sus scrofa і казуля Capreolus capreolus, з буйных драпежнікаў адзначаны лісіца Vulpes vulpes і воўк Canis lupus, даволі шматлікі янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides. З куніцавых з высокай шчыльнасцю жывуць куніца лясная Martes martes, норка амерыканская Mustela vison, ласка Mustela nivalis, гарнастай Mustela erminea. У рэках і азёрах сустракаецца выдра Lutra lutra, шматлікі бабёр рачны Castor fiber. Гэта тэрыторыя – адно з нямногіх месцаў у Беларусі, дзе пастаянна жывуць рысь Lynx lynx і буры мядзведзь Ursus arctos, колькасць якіх па дадзеных зімовых улікаў 2002 года склала 5-7 і 4 асобіны адпаведна.

Стан рэдкіх відаў птушак:

ВідыСтатусКолькасцьГод/перыяд ацэнкіДакладнасць ацэнкіТрэнды (2005-2010)Крытерый ТВП
1Пардвагн+2005-2010П
2Гагач чорнаваллёвыгн2-3 п2005-2010Д
3Чапля-бугайгн3-4 п2005-2010Д
4Чорны буселгн3-4 п2005-2010Д
5Арлан-белахвостгн1-2 п2005-2010Д
6Малы арлецгн5-6 п2005-2010Д
7Арол-маркутгн1 п2005-2010Д
8Скапагн5 п2005-2010ДB2
9Драчгн+2005-2010П
10Сеўка залацістаягн+2005-2010П
11Дубальтгн+2005-2010П
12Грыцук вялікігн+2005-2010П
13Кулён сярэднігн+2005-2010П
14Кулён вялікігн+2005-2010П
15Пугачгн+2005-2010П
16Сычык вераб’іныгн+2005-2010П
17Кугакаўка даўгахвостаягн5-7 п2005-2010Д
18Сава балотнаягн+2005-2010П
19Дзяцел жоўтагаловыгн+2005-2010П

Іншыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення віды:

Расліны: баранец звычайны Huperzia selago, ліннэя паўночная Linnaea borealis, тайник яйцападобны Listera ovata, асака заліваемая Carex paupercula, вярба чарнічная Salix myrtylloides, марошка Rubus chamaemorus, журавіны дробнаплодныя Oxycoccus microcarpus, падвей стройны Eriophorum gracile.

Пагрозы:

Асноўнымі неспрыяльнымі фактарамі з’яўляюцца высечкі лесу і лясныя пажары.

Высечкі лесу па прычынах высокай забалочанасці тэрыторыі і слаба развітай дарожнай сеткі носяць абмежаваны характар. Тым не менш, захоўваецца пагроза высечкі старых лясоў па ўскраінах балот і градах, якія з’яўляюцца месцамі пражывання рэдкіх відаў жывёл.

Лясныя пажары ўяўляюць сабой адзін з найбольш істотных фактараў пагрозы. Пажары на цяжкадаступных тарфяных балотах ў засушлівыя гады практычна немагчыма патушыць. Так, спякотным летам 2002 года на ўсходзе балотнага масіва Лебядзіны Мох выгарэла каля 200 га лесу, а пажар на тарфяніку ўдалося патушыць толькі з пачаткам інтэнсіўных асенніх дажджоў.

Рэкамендацыі па захаванню:

З мэтай рэгламентавання гаспадарчай дзейнасці неабходна стварыць рэспубліканскі ландшафтны заказнік і распрацаваць шматгадовы план кіравання.

Крыніцы інфармацыі:

Асабістыя паведамленні: Іваноўскі У.В.

Скарбы прыроды Беларусi. – Мн.: Беларусь, 2005. – 215 с. (Інфармацыю падрыхтавалі: Іваноўскі У.В., Максіменкаў М.В., Скуратовіч А.М., Навіцкі Р.В.)

Складальнікі :


* Выкарыстанне змешчанай тут неапублікаванай інфармацыі для навуковых публікацый без пісьмовай згоды яе аўтараў забаронена. У выпадку выкарыстання часткі кантэнту або старонкі цалкам на іншых інтэрнет-рэсурсах, абавязковая спасылка на аўтараў і сайт iba.ptushki.org
twitter.com facebook.com vkontakte.ru odnoklassniki.ru mail.ru yandex.ru