Код:

Геаграфічныя каардынаты:

Адміністрацыйная прыналежнасць:

Плошча:

Крытэрыі:

Нацыянальны прыродаахоўны статус:

Міжнародны прыродаахоўны статус:

Карта ТВП:

Агульнае апісанне:

Тэрыторыя ахоплівае паўночна-ўсходнюю частку буйнога леса-балотнага масіву ў бесейне ракі Льва. У 1970-1980 гады значныя плошчы забалочаных земляў па перыметры масіву былі асушаны і развораны, а ў цэнтральнай частцы пабудавана буйная гідрамеліярацыйная сістэма, што прывяло да моцнай антрапагеннай трансфармацыі прыродных комплексаў. Тым не меньш, тэрыторыя не страціла свайго значэння ў якасці рэзервата рэдкіх і пагражаемых відаў птушак. На найменш трансфармаваным участку ў нізоўях ракі Льва на плошчы 3200 га, дзе выяўлена вялікая група ахоўваемых у Беларусі жывёл і раслін, мяркуецца стварыць ландшафтны заказнік. З поўдня да ўгоддзя прымыкае рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Альманскія балоты», які з’яўляецца адначасова ТВП і Рамсарскай тэрыторыяй.

Аснову раслінных фармацый складаюць лісцёвыя забалочаныя лясы, якія па пакатых градах замяшчаюцца хвойнікамі. Большая іх частка прама альбо ўскосна панесла страту ад меліярацыі і зараз істотна трансфармавана. Уздоўж рэчышча Львы прасягаюцца забалочаныя асаковыя, радзей разнатраўна-злакава-асаковыя поймавыя лугі і балоты.

Найбольш буйны вадацёк, рака Льва, працякае ў цэнтральнай частцы ўгоддзя. Рэчышча яе звілістае, месцамі ўтварае старыцы і затокі. Пакатыя берагі моцна забалочаны. Шырыня рэчышча 10-25 м, глыбіня 0,7-2 м. Балоты прадстаўлены ўсімі трыма тыпамі, дамінуюць поймавыя нізінныя балоты.

Раней на гэтай тэрыторыі знаходзіўся ваенны палігон і гаспадарчая дзейнасць практычна не вялася. У канцы 1990-ых гадоў землі былі перададзены Столінскаму лясгасу. Асноўная форма сучаснага выкарыстання тэрыторыі – вядзенне лясной гаспадаркі. На меліяраваных землях і часткова на натуральных поймавых лугах вядзецца сенакашэнне і выпас жывёлы. Жыхары навакольных населеных пунктаў займаюцца ва ўгоддзі паляваннем і рыбнай лоўляй.

Асноўныя біятопы:

Лясы – 70%, сельска-гаспадарчыя ўгоддзі – 20%, балоты пераходныя –10%.

Птушкі:

На ТВП адзначана гнездаванне глабальна пагражаемага віда драпежных птушак – вялікага арляца Aquila clanga. З ахоўваемых у Беларусі птушак тут гняздуюцца палявы лунь Circus cyaneus, арол-вужаед Circaetus gallicus, малы арлец Aquila pomarina, арлан-белахвост Haliaeetus albicilla. Ва ўгоддзі знойдзена некалькі такоў дубальта Gallinаgo media, даволі звычайныя чорны бусел Ciconia nigra, шэры журавель Grus grus, пугач Bubo bubo, вялікі грыцук Limosa limosa, беласпінны дзяцел Dendrocopos leucotos, белая блакітніца Parus cyanus.

Іншыя групы жывел:

З занесеных у Чырвоную кнігу млекакормячых тут жывуць барсук Meles meles і арэшнікавая соня Muscardinus avellanarius, адзначаны перыядычныя заходы рысі Lynx lynx.

Колькасць капытных невысокая. З пушных звяроў толькі лісіца Vulpes vulpes і янотападобны сабака Nyctereutes procyonoides распаўсюджаны па тэрыторыі адносна раўнаважна. Астатнія віды сустракаюцца ў асноўным у больш багатых і прадуктыўных поймавых лясах. Рака Льва і старычныя азёры заселены бабром Castor fiber і андатрай Ondatra zibethica.

Герпетафауна ўключае 8 відаў земнаводных і 5 відаў паўзуноў. З ахоўваемых у Еўропе рэптылій адзначана балотная чарапаха Emys orbicularis.

Стан рэдкіх відаў птушак:

ВідыСтатусКолькасцьГод/перыяд ацэнкіДакладнасць ацэнкіТрэндыКрытерый ТВП
1Чорны буселгн+2005-2010П
2Арлан-белахвостгн+2005-2010П
3Арол-вужаедгн+2005-2010П
4Лунь палявыгн9 п2005-2010ДB2
5Малы арлецгн+2005-2010П
6Арлец вялікігн5 п2005-2010ДA1
7Журавель шэрыгн+2005-2010П
8Грыцук вялікігн+2005-2010П
9Пугачгн+2005-2010П
10Дзяцел беласпінныгн+2005-2010П
11Сініца белаягн+2005-2010П

Іншыя рэдкія і знаходзячыеся пад пагрозай знікнення віды:

Расліны: касач сібірскі Iris sibirica, пярэсна еўрапейская Trollius europaeus, асака ценявая Carex umbrosa, зубніца клубняносная Dentaria bulbifera, сон лугавы Pulsatilla pratensis, гарлачык белы Nymphaea alba.

Пагрозы:

Асноўнымі неспрыяльнымі фактарамі, якія ўздзейнічаюць на натуральныя прыродныя супольніцтвы тэрыторыі, з’яўляюцца змяненні гідралагічнага рэжыму, пажары і высечкі лясоў.

Змяненні гідралагічнага рэжыму. Практычна ўсе балоты, якія прылягаюць да ляснога масіву з поўначы, асушаны і пераўтвораны ў польдэрныя сістэмы. Негатыўна адбілася на стане прыродных комплексаў і будаўніцтва гідрамеліярацыйнай пляцоўкі ў цэнтральнай частцы леса-балотнага масіву. Узровень грунтовых вод на ўчастках лясоў, прылягаючых да меліярацыйных сістэм, парушаны, што прыводзіць да іх дэградацыі.

Пажары на тэрыторыі леса-балотнага масіву з’яўляюцца вынікам асушэння прылягаючых зямель. У засушлівыя гады пажары ахопліваюць значныя тэрыторыі, што і адбылося ў 2002 годзе.

Высечкі лесу вядуцца без уліку прыродаахоўнай значнасці тэрыторрыі. У выніку скарачаюцца плошчы асабліва каштоўных старых шырокалісцёвых і хваёва-шырокалісцёвых лясоў, часта высякаюцца ўчасткі ў месцах гнездавання рэдкіх відаў драпежных птушак.

Рэкамендацыі па захаванню:

Для захавання прыродных комплексаў угоддзя неабходна стварэнне рэспубліканскага ландшафтнага заказніка ў найбольш вартастным участку ляснога масіва, а на астатняй частцы тэрыторыі трэба ўзяць пад ахову месцы гнездавання вялікага арляца і іншых ахоўваемых відаў жывёл і раслін.

Крыніцы інфармацыі:

Асабістыя паведамленні: Дамброўскі В.Ч.

Скарбы прыроды Беларусi. – Мн.: Беларусь, 2005. – 215 с. (Інфармацыю падрыхтавалі: Дамброўскі В.Ч., Жураўлёў Д.В., Максіменкаў М.В., Скуратовіч А.М., Навіцкі Р.В.)

Складальнікі :


* Выкарыстанне змешчанай тут неапублікаванай інфармацыі для навуковых публікацый без пісьмовай згоды яе аўтараў забаронена. У выпадку выкарыстання часткі кантэнту або старонкі цалкам на іншых інтэрнет-рэсурсах, абавязковая спасылка на аўтараў і сайт iba.ptushki.org
twitter.com facebook.com vkontakte.ru odnoklassniki.ru mail.ru yandex.ru