Пра праграму ТВП

Адной з асноўных прычын знікнення відаў жывёл і раслін з’яўляецца знішчэнне іх натуральных месцаў пражывання. Таму адным з найбольш эфектыўных метадаў аховы большасці рэдкіх і многіх звычайных відаў птушак з’яўляецца захаванне каштоўных прыродных тэрыторый, неабходных для іх выжывання. Тэрыторыя, важная для птушак (ТВП) – гэта тэрыторыя, якая з’яўляецца жыццёва важнай для захавання папуляцыі аднаго, альбо некалькіх відаў птушак падчас зімоўкі альбо міграцыі. Міжнародная праграмма "Тэрыторыі, важныя для птушак" (ТВП) (Important Bird Areas (IBA)) пачала працаваць у 80-х гадах 20-га стагоддзя па ініцыятыве міжнароднай прыродаахоўнай асацыяцыі BirdLife International. Праграма накіравана на выяўленне і захаванне тэрыторый, якія маюць важнае значэнне для жыцця птушак. Зараз у ёй удзельнічаюць больш за 170 краін ва ўсім свеце, у якіх выдзелена больш за 13 тысяч ТВП, якія ўключаюць месцы гнездавання міграцый і зімовак птушак. Беларусь далучылася да праграммы ТВП у 1996 годзе. Зараз у Беларусі налічваецца 49 ТВП, а таксама яшчэ некалькі патэнцыйных. Большасць з гэтых тэрыторый адносіцца да водна-балотных угоддзяў – верхавыя і нізінныя балоты, натуральныя поймы рэк, паплавы, леса-балотныя комплексы.

Гэтыя тэрыторыі выдзяляюцца на аснове пэўных крытэрыяў. Стварэнне ТВП дае падставы для ўсталявання на іх ахоўнага рэжыму, альбо для правядзення прыродаахоўных мерапрыемстваў, што вельмі важна для захавання не толькі птушак, але і біяразнастайнасці ўвогуле. Праца па вызначэнню новых тэрыторый, важных для птушак, будзе працягвацца. Таксама працягнецца работы і па захаванню існуючых ТВП. Як мага большая плошча такіх тэрыторый павінна рэальна ахоўвацца. Для таго, каб эфектыўна захоўваць тэрыторыі, важныя для птушак, неабходна рэгулярна адсочваць змены, якія там адбываюцца і своечасова рэагаваць на пагрозы.